Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Помнікі культавай архітэктуры

У в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер аграгарадок Навасёлкаўскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) царква ў гонар прападобнага Ануфрыя Вялікага існавала з канца ХVII ст. На 1837 г. царква насіла імя святога Міхаіла і належала да Палескага ўніяцкага дэканата. У гэты час парафія мела 1021 верніка. Апошнім грэка-каталіцкім святаром быў Мікалай Зілінскі, які даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя

Вёска Павіцце (або Повіць) Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці мае багатую гісторыю, адлічвае сваё існаванне ад ХVI ст. Першае згадванне ў пісьмовых крыніцах — 25 жніўня 1546 г., сяло Паветцы Палескага ключа Ратненскага павета Каралеўства Польскага. Першая царква тут упершыню ўзгадваецца ў 1655 г.

У паўднёва-ўсходняй частцы в. Вяжное Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці размяшчаецца Свята-Мікалаеўская царква. Як падаецца ў гістарычнай літаратуры, царква пабудавана да 1791 г. або ў 1799 г. Гэтыя звесткі пацвярджаюцца навуковымі крыніцамі: уніяцкая парафія з царквой у Вяжным адзначана да 1772 г., а ў дакументах, якія раней захоўваліся ў храме, датай яго будаўніцтва называўся 1771 г. Апошняя дата пацвердзілася архіўнымі звесткамі, расшуканымі манашкамі Брэсцкага манастыра Нараджэння Багародзіцы.

Першая царква ў Такарах была пабудавана ў 1528 г. Паводле запісу з Актавай кнігі Берасцейскага ваяводства за 1584–1592 гг.: 24 красавіка 1592 г. уладальнікі Такароўскага маёнтка падарылі храму зямлю. З дароўнага запісу вынікае, што царква ў Такарах праваслаўная, старадаўняя. Чарговую святыню ў Такарах узвялі ў 1782 г., і гэтая царква не захавалася.

Валавель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з ХVI ст. Да 1519 г. было паселішчам у Кобрынскім княстве. Упамінаецца ў 1546 г. у апісанні мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай як сяло ў Кобрынскім павеце, з’яўлялася ўласнасцю памешчыка Гаўрылы Мархоткі. У 1858 г. — сяло і цэнтр сельскай грамады і воласці ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні, у складзе маёнтка Закозель Калікста Ажэшкі. У 1921–1939 гг. у складзе Польшчы, вёска і цэнтр гміны ў Драгічынскім павеце Палескага ваяводства. 3 15 студзеня 1940 г. у Драгічынскім раёне, адразу цэнтр сельсавета. У 1954 г. — у Літоўскім сельсавеце, а з 1995 г. — у Закозельскім.

Дзеткавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з ХV ст. як сяленне Дзедкавічы ў Берасцейскім павеце Трокскага, а з 1566 г. Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Сяленне з’яўлялася шляхецкай уласнасцю і спачатку належала роду Ельцоў, потым Рушчыц, затым Радавіцкіх. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дзеткавічы знаходзіліся ў складзе Кобрынскага павета Расійскай імперыі (спачатку ў Слонімскай, з 1797 г. — Літоўскай, з 1801 г. — Гродзенскай губерніі). У 1921—1939 гг. сяленне знаходзілася ў складзе Зёлаўскай гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства (Польшча), а з 1940 г. — у Антопальскім раёне (з 1959 г. — Драгічынскі) Брэсцкай вобласці.

Осаўцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з першай паловы ХVII ст. як вёска Берасцейскага ваяводства. У Осаўцах вядома царква Святога Іаана Хрысціцеля, якая ў канцы XVI ст. уваходзіла ў Драгічынскую пратапопію Турава-Пінскай епархіі. У 1772 г. тут адзначана ўніяцкая парафія са святыняй, у адміністрацыйных адносінах прыналежная Пінскай уніяцкай дыяцэзіі.

Брашэвічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з першай паловы ХV ст. як вёска Кобрынскага княства. У першай палове XVII ст. грэка-каталіцкім Тараканскім манастыром тут была пабудавана ўніяцкая царква, пазней храм вядомы як касцёл. Яго выгляд нам вядомы з малюнка Напалеона Орды 1863 г.

Вёска Баршчэва Камянецкага раёна Брэсцкай  вобласці ўпершыню згадваецца ў XV ст. у дакументах караля Казіміра. Захаваліся звесткі, што фундуш на Баршчэўскую царкву ў 1686 г. зрабілі Сапегі. Гэтыя звесткі даюць магчымасць меркаваць, што мясцовую святыню пабудавалі ў час, блізкі да фундушовага. Паводле дакументальных звестак, у 1718 г. фундатарам Баршчэўскай царквы быў памешчык Станіслаў Хжаноўскі. У XIX ст. у вёсцы былі карчма, млыны, бровар, кузня і царква.

Царква Святой Ганны в. Любішчыцы Івацэвіцкага раёна — унікальны помнік архітэктуры Беларусі. Храм захаваў сваю гістарычную і духоўную значнасць, з'яўляецца важным цэнтрам праваслаўнага жыцця рэгіёна. Яго маляўнічае размяшчэнне сярод беларускіх прастораў надае асаблівы шарм і робіць царкву прывабнай для турыстаў. Прыгожы будынак, акружаны старажытнымі дрэвамі, стварае атмасферу спакою і замірання.

Старонка 1 з 7